ДО́ЎГАЯ ЛІ́НІЯ,
электрычная лінія, утвораная 2 доўгімі праваднікамі, адлегласць паміж якімі значна меншая за даўжыню хвалі электрамагнітных ваганняў, што па ёй перадаюцца. Асн. характарыстыкі: хвалевае супраціўленне і каэфіцыент распаўсюджвання эл.-магн. хваль. З’яўляецца сістэмай з размеркаванымі параметрамі (кожны элемент даўжыні Д.л. мае адначасова пэўныя значэнні індуктыўнасці, ёмістасці, актыўнага супраціўлення і інш.). Адрозніваюць Дл. аднародныя (з нязменнымі параметрамі ўздоўж лініі), нескажальныя (захоўваюць форму пададзенага сігналу) і ўзгадняльныя (нагрузка роўная хвалеваму супраціўленню). Працуюць у рэжыме стаячай хвалі (поўнае адбіццё энергіі ад канца лініі), бягучай хвалі (поўнае паглынанне энергіі на канцы лініі) або прамежкавым. Адрэзкі Дл. выкарыстоўваюцца ў якасці вагальных контураў, ізалятараў, узгадняльных трансфарматараў, а таксама для перадачы інфармацыі ў тэлеф.-тэлегр. сувязі, тэлебачанні, радыёлакацыі, эл.-энергетыцы. Гл. таксама Лінія сувязі.
А.П.Ткачэнка.
т. 6, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)